О школе

Материальная база:

  • вучэбныя кабінеты па прадметах;
  • кабінет інфарматыкі ( з выхадам у інтэрнэт);
  • спартыўная зала;
  • стадыён;
  • дзіцячая пляцоўка;
  • майстэрня;
  • сталовая;
  • метадычны кабінет;
  • бібліятэка (з выхадам у інтэрнэт);
  • музей II Мінскай партызанскай брыгады імя П.К.Панамарэнкі
  • краязнаўчы куток “Беларуская хатка”
  • група дзіцячага сада з гульнявым, спальным пакоямі, сталовая

История школы:

Азярычынскія дзеці пачалі вучыцца ў 1875 годзе.. Тады не было яшчэ школьнага памяшкання, і дзеці разам з настаўнікам пераходзілі па чарзе з хаты ў хату, дзе і праходзілі заняткі. Гаспадар хаты даваў настаўніку начлег і ў гэты дзень карміў яго. У кастрычніку 1875 года працаваў Максім Разумаў, які меў педагагічную адукацыю. У 1875 годзе ў Азярычынскай школе навучаліся 24 хлопчыкі. Дзяўчаты не вучыліся, бо іх бацькі лічылі, што грамата для дзяўчынкі неабавязковая. Праз два гады, у 1877 годзе, па рашэнню земства пабудавалі невялікае памяшканне, якое было перададзена пад школу. Гэтае памяшканне знаходзілася ў цяперашняй вёсцы Ленінск (даўнейшая назва Астраўкі). З 1907 года школа называлася народным вучылішчам. Закончыўшы Маладзечанскую духоўную семінарыю, у 1911 годзе ў школу прыехаў працаваць Язэп Багушэвіч, які меў для таго часу вышэйшую адукацыю . Адначасова ён працаваў і настаўнікам, і выкладчыкам Закона Божага.

Пры Азярычынскай школе была невялікая бібліятэка, у якой знаходзілася некалькі экзэмпляраў розных твораў педагагічнага, рэлігійнага і гістарычнага зместу. Вучэбнае ведамства клапацілася, каб колькасць гэтых дапаможнікаў для настаўніка павялічвалася. Кнігамі са школьнай бібліятэкі маглі карыстацца не толькі настаўнікі, але і мясцовыя жыхары. Цяга сялянскіх дзяцей да навукі расла, і тое памяшканне стала цесным. Настаўнік тлумачыў вяскоўцам карысць жаночай адукацыі, пераконваў, каб яны аддавалі сваіх дачок у школу. У 1911 годзе ў школе вучыліся ўжо 74 вучні, з іх — 59 хлопчыкаў і 15 дзяўчынак. Наспела вострая патрэба ў пабудове новай школы. Будаўніцтва пачалося ў 1912 годзе і працягвалася 2 гады. У 1914 годзе новы будынак быў здадзены ў эксплуатацыю. Гэта ўжо была сапраўдная школа – тры класныя пакоі і дзве кватэры для настаўнікаў. Класы былі светлыя, прасторныя, вышынёю тры з паловай метры. У кожным з іх стаялі галандскія печы, дзверцы якіх выходзілі ў калідор, пагэтаму пылу ад попелу ў класах не было. У кожным з іх былі два вялікія акны. У 1925 годзе гэта была трохкамлектная школа з беларускай мовай навучання. А ў 1926 годзе яна ўжо стала чатырохкамплектнай. Дырэктарам быў прызначаны Рыгор Шэлег, ураджэнец вёскі Азярычына. Гэта быў адукаваны чалавек з арганізатарскім талентам і гаспадарскай кемлівасцю. На кавалку зямлі пры школе з яго ініцыятывы і пад яго кіраўніцтвам пасадзілі сад. Працаваў ён дырэктарам доўга: з 1925 да 1940, а затым -з 1944 да 1945 года.

У 1927 годзе Азярычынская школа зноў становіцца двухкамплектнай, бо адкрыліся пачатковыя школы ў Шалягах, Дубраўцы, Кухараўцы і Вераб’ёўцы. Двухкамплектная школа заставалася да 1934 года, калі была ператворана ў няпоўную сярэднюю. Настаўнікаў не хапала, таму ў ёй было толькі шэсць класаў. А вучні сёмага класа вымушаны былі хадзіць у Дудзічы ці Вузляны. У гэты час былі пабудаваны яшчэ два памяшканні на тры класныя пакоі і адна кватэра для настаўнікаў. У 1938 годзе адбыўся першы выпуск Азярычынскай няпоўнай сярэдняй школы. Сямігадовую адукацыю атрымаў 21 чалавек. У 1934-1941 гадах Азярычынскую сямігадовую школу закончыла 140 чалавек. Настаўнікамі тады працавалі Язэп Багушэвіч, муж і жонка Восіп і Ганна Яскульдовічы, сёстры Марыя і Ганна Адзярэйкі, Леакадзія Дарашкевіч, Сцяпан Палачанін, Марыя Зялёнка, Мікалай Грыбоўскі, Зінаіда Цюхай, Сяргей Пісарчык, муж і жонка Рыгор Шэлег і Лідзія Рабцэвіч.

У гады вайны, у перыяд фашысцкай акупацыі, галоўны будынак школы, пастаўлены яшчэ ў 1914 годзе, быў разбураны, але нейкі час школа яшчэ працавала. Вучыліся ў асноўным па даваенных падручніках. Былыя вучні ўспамінаюць, што віталіся яны з настаўнікамі словамі “Жыве Беларусь!” Вялікай павагі і ўдзячнасці заслугоўваюць настаўнікі Восіп Яскульдовіч і Рыгор Шэлег. Яны закапалі ў зямлю ўсе наглядныя дапаможнікі і абсталяванне кабінетаў фізікі і хіміі, каб вораг не мог усё гэта знішчыць. Гэтымі нагляднымі дапаможнікамі наша школа карысталася на працягу многіх пасляваенных гадоў.Зараз гэтыя дапаможнікі захоўваюцца ў школьным музеі.

У цяжкіх умовах пачынаўся першы навучальны год пасля вызвалення Беларусі. Асноўнае памяшканне школы не захавалася, даводзілася вучыцца ў хатах, якія цудам захаваліся. Але прага дзяцей да навукі была вялікая, і заняткі не спыняліся. У 1952 годзе асноўнае памяшканне школы было ўзноўлена, што дазволіла прадоўжыць нармальны вучэбна-выхаваўчы працэс. Вялікай удзячнасці заслугоўвае былы дырэктар школы Пётр Пракаповіч, які прыклаў для гэтага шмат намаганняў. У 1954 годзе ў нашай школе былі адкрыты адразу два класы – восьмы і дзявяты. Такім чынам, школа стала сярэдняй. У 1956 годзе адбыўся яе першы выпуск. Сярэднюю адукацыю атрымала 36 чалавек. Ішлі гады , і памяшканні школы старэлі. Паўстала неабходнасць будаўніцтва новай школы, тым больш, што не хапала класных пакояў. Даводзілася вучыцца ў дзве змены. Дамагчыся будаўніцтва было нялёгкай справай. Урэшце, восенню 1973 года ў праграму будаўніцтва школ Мінскай вобласці было ўнесена і будаўніцтва новай школы ў Азярычыне. Будоўля пачалася ў студзені 1974 года і працягвалася дзесяць месяцаў. Школу будавала вельмі адказная будаўнічая арганізацыя — Мінская ПМК-4, якую ўзначальваў Леанід Марозаў — вопытны, таленавіты кіраўнік і арганізатар. Школа будавалася паводле праекту як тыпавая васьмігадовая на 320 месцаў, з 8 класнымі пакоямі і двума кабінетамі – фізікі і хіміі. Па просьбе адміністрацыі будаўнікі крыху адступілі ад праекта- перагарадзілі два класныя пакоі на дзве часткі, што дало магчымасць зрабіць два лабаранцкія пакоі ў кабінеце фізікі і хіміі на два вакны. Да сярэдзіны верасня 1974 года школа была прынята камісіяй. Перад калектывам школы стаяла яшчэ адна важная задача – азеляніць школу. У тыя гады пры будаўніцтве зямля не кансервавалася, як цяпер. А паколькі школа стаяла на высокім узгорку, то пры планіроўцы гумус быў засыпаны. Дрэвы і кусты садзілі проста ў пясок. Вёдрамі насілі зямлю з прысядзібных участкаў пад кожнае дрэва. Шмат якія не прыжываліся, даводзілася па некалькі разоў падсаджваць іх. Цяпер, калі глядзіш на школьны парк і сад, нават цяжка сабе ўявіць, што тут некалі была лысая гара. Вялікая заслуга ў азеляненні школы належыць былому настаўніку біялогіі Міхаілу Сапуну. За гады існавання школы ў Азярычыне больш за тысячу выпускнікоў атрымалі пуцёўку ў жыццё. Цяжка пералічыць аб’екты народнай гаспадаркі, дзе працавалі і працуюць нашы былыя вучні.

Школа сегодня:

Педагагічны калектыў школы складаюць 15 педагогаў. Значных поспехаў у сваёй рабоце дасягнулі настаўнікі з вышэйшай катэгорыяй – Гладкая Лідзія Феафанаўна, Закрэўская Алена Сяргееўна, Шабан Надзея Генадзьеўна, Осіпчык Ірына Пятроўна.

Штодзённа школу -сад наведваюць вучні з Вераб’ёўкі,Таварскіх, Кухараўкі, Ленінска, Узлян. Школа працягвае жыць цікавым, сучасным жыццём. Перамены, што адбываюцца ў нашым грамадстве, закранулі і адукацыйныя ўстановы.

3 2004 года діцячы сад знаходзіцца ў памяшканні школы. З гэтага моманту школа мае назву “ Азярычынская дзяржаўная агульнаадукацыйная дзіцячы сад-базавая школа”.

З 2011 года — Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Азярычынскі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа”.

У 2013 годзе школа стала называцца Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Азярычынскі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-базавая школа”

Змянілася назва, алё не змянілася дзяцінства, не змяніліся дзеці, не змяніліся настаўнікі, якія, як і ў ранейшыя гады, любяць дзяцей, любяць сваю работу.

З 2013 года дырэктарам школы становіцца Бялевіч Людміла Леанідаўна Творчая жыццё нашай школы насычана выставамі, конкурсамі, мерапрыемствамі. У рамках адукацыйнага працэсу ідзе ўкараненне і рэалізацыя інавацыйных праектаў. Асаблівай павагі дастойны ветэраны працы, якія з’яўляюцца ўзорам глыбокай вернасці свайму настаўніцкаму прызванню.

У розныя гады ў школе працавала цэлая плеяда выдатных настаўнікаў, адданых сваёй справе. Сёння прыводзяць вучыцца ў школу сваіх ўнукаў і праўнукаў настаўнікі мінулых гадоў.

Гісторыя школы працягваецца. Наперадзе нямала дасягненняў і творчых перамог, выдатных настаўнікаў і вучняў, якія сваімі талентамі і поспехамі ўпішуць новыя радочкі ў гісторыю школы.