История школы, традиции, достижения

 

ГІСТОРЫЯ  ШКОЛЫ

 

    Азярычынскія  дзеці  пачалі  вучыцца  ў  1875  годзе.. Тады  не  было  яшчэ  школьнага  памяшкання, і  дзеці  разам  з  настаўнікам  пераходзілі па  чарзе  з  хаты  ў  хату,  дзе  і  праходзілі  заняткі. Гаспадар  хаты  даваў  настаўніку  начлег  і  ў  гэты  дзень  карміў  яго. У  кастрычніку  1875  года  працаваў  Максім  Разумаў, які  меў  педагагічную  адукацыю.

У 1875  годзе  ў  Азярычынскай  школе  навучаліся  24  хлопчыкі. Дзяўчаты  не  вучыліся, бо  іх  бацькі  лічылі, што  грамата  для  дзяўчынкі  неабавязковая.

Праз  два  гады, у  1877  годзе,  па  рашэнню  земства  пабудавалі  невялікае  памяшканне, якое  было  перададзена  пад  школу. Гэтае  памяшканне   знаходзілася  ў  цяперашняй  вёсцы  Ленінск (даўнейшая  назва  Астраўкі).

З  1907   года  школа  называлася  народным  вучылішчам. Закончыўшы  Маладзечанскую  духоўную  семінарыю,  у  1911  годзе  ў  школу  прыехаў працаваць Язэп  Багушэвіч, які  меў  для  таго  часу  вышэйшую адукацыю .   Адначасова ён працаваў  і  настаўнікам, і  выкладчыкам  Закона  Божага.

Пры Азярычынскай школе была невялікая бібліятэка, у якой знаходзілася некалькі экзэмпляраў розных твораў педагагічнага, рэлігійнага і гістарычнага зместу. Вучэбнае ведамства клапацілася, каб колькасць гэтых дапаможнікаў для настаўніка павялічвалася. Кнігамі са школьнай бібліятэкі маглі карыстацца не толькі настаўнікі, але і мясцовыя жыхары.

 Цяга сялянскіх дзяцей да навукі расла,  і тое памяшканне стала цесным. Настаўнік тлумачыў вяскоўцам карысць жаночай адукацыі, пераконваў, каб яны аддавалі сваіх дачок у школу. У 1911 годзе ў школе вучыліся ўжо 74 вучні, з іх - 59 хлопчыкаў і 15 дзяўчынак. Наспела вострая патрэба ў пабудове новай школы.

Будаўніцтва пачалося ў 1912 годзе і працягвалася 2 гады. У 1914 годзе новы будынак быў здадзены ў эксплуатацыю. Гэта ўжо была сапраўдная школа – тры класныя пакоі і дзве кватэры для настаўнікаў. Класы былі светлыя, прасторныя, вышынёю тры з паловай метры. У кожным з іх стаялі галандскія печы, дзверцы якіх выходзілі ў калідор, пагэтаму пылу ад попелу ў класах не было. У кожным з іх былі два вялікія акны.

У 1925 годзе гэта была трохкамлектная школа з беларускай мовай навучання. А ў 1926 годзе яна ўжо стала чатырохкамплектнай. Дырэктарам быў прызначаны Рыгор Шэлег, ураджэнец вёскі Азярычына. Гэта быў адукаваны чалавек з арганізатарскім талентам і гаспадарскай  кемлівасцю. На кавалку зямлі пры школе з яго ініцыятывы і пад яго кіраўніцтвам пасадзілі сад. Працаваў ён дырэктарам доўга: з 1925 да 1940, а затым -з 1944 да 1945 года.

У 1927 годзе Азярычынская школа зноў становіцца двухкамплектнай, бо адкрыліся пачатковыя школы ў Шалягах, Дубраўцы, Кухараўцы і Вераб’ёўцы. Двухкамплектная школа заставалася да 1934 года, калі была ператворана  ў няпоўную сярэднюю. Настаўнікаў не хапала, таму ў ёй было толькі шэсць класаў. А вучні сёмага класа вымушаны былі хадзіць у Дудзічы ці Вузляны.

У гэты час былі пабудаваны яшчэ два памяшканні на тры класныя пакоі і адна кватэра для настаўнікаў.

У 1938 годзе адбыўся першы выпуск Азярычынскай няпоўнай сярэдняй школы. Сямігадовую адукацыю атрымаў 21 чалавек.

У 1934-1941 гадах Азярычынскую сямігадовую школу закончыла 140 чалавек. Настаўнікамі тады працавалі Язэп Багушэвіч, муж і жонка Восіп і Ганна Яскульдовічы, сёстры Марыя і Ганна Адзярэйкі, Леакадзія Дарашкевіч, Сцяпан Палачанін, Марыя Зялёнка, Мікалай Грыбоўскі, Зінаіда Цюхай, Сяргей Пісарчык, муж і жонка Рыгор Шэлег і Лідзія Рабцэвіч.

    У гады вайны, у перыяд фашысцкай акупацыі, галоўны будынак школы, пастаўлены яшчэ ў 1914 годзе, быў разбураны, але нейкі час школа яшчэ працавала. Вучыліся ў асноўным па даваенных падручніках. Былыя вучні ўспамінаюць, што віталіся яны  з настаўнікамі словамі “Жыве Беларусь!”

        Вялікай павагі і ўдзячнасці заслугоўваюць настаўнікі Восіп Яскульдовіч і Рыгор Шэлег. Яны закапалі ў зямлю ўсе наглядныя дапаможнікі і абсталяванне кабінетаў фізікі і хіміі, каб вораг не мог усё гэта знішчыць. Гэтымі нагляднымі дапаможнікамі наша школа карысталася на працягу многіх пасляваенных гадоў.Зараз гэтыя дапаможнікі захоўваюцца ў школьным музеі.

 У цяжкіх умовах пачынаўся першы  навучальны год  пасля вызвалення Беларусі. Асноўнае памяшканне школы не захавалася, даводзілася вучыцца ў хатах, якія цудам захаваліся.

     Але прага дзяцей да навукі была вялікая, і заняткі не спыняліся.

    У 1952 годзе    асноўнае памяшканне школы было ўзноўлена, што дазволіла прадоўжыць нармальны вучэбна-выхаваўчы працэс. Вялікай удзячнасці заслугоўвае былы дырэктар школы Пётр Пракаповіч, які прыклаў для гэтага шмат намаганняў.

   У 1954 годзе ў нашай школе былі адкрыты адразу два класы – восьмы і дзявяты. Такім чынам, школа стала сярэдняй. У 1956 годзе адбыўся яе першы  выпуск. Сярэднюю адукацыю атрымала 36 чалавек.

      Ішлі гады , і памяшканні школы старэлі. Паўстала неабходнасць будаўніцтва новай школы, тым больш, што не хапала класных пакояў.  Даводзілася вучыцца ў дзве змены.

    Дамагчыся будаўніцтва было нялёгкай справай.

Урэшце, восенню 1973 года ў праграму будаўніцтва школ Мінскай вобласці было ўнесена і будаўніцтва новай школы ў Азярычыне.

Будоўля пачалася ў студзені 1974 года і працягвалася дзесяць месяцаў. Школу будавала вельмі адказная будаўнічая арганізацыя  -- Мінская ПМК-4,  якую ўзначальваў Леанід Марозаў -- вопытны, таленавіты кіраўнік і арганізатар.

Школа будавалася паводле праекту як тыпавая васьмігадовая на 320 месцаў, з 8 класнымі пакоямі і двума кабінетамі – фізікі і хіміі.  Па просьбе адміністрацыі будаўнікі крыху адступілі ад праекта- перагарадзілі два класныя пакоі на дзве часткі, што дало магчымасць зрабіць два лабаранцкія пакоі ў кабінеце фізікі і хіміі на два  вакны.

Да сярэдзіны верасня 1974 года школа была прынята камісіяй.

Перад калектывам школы стаяла яшчэ адна важная задача – азеляніць школу. У тыя гады пры будаўніцтве зямля не кансервавалася, як цяпер. А паколькі школа стаяла на высокім узгорку, то пры планіроўцы гумус быў засыпаны. Дрэвы і кусты садзілі проста ў пясок. Вёдрамі насілі зямлю з прысядзібных участкаў пад кожнае дрэва. Шмат якія не прыжываліся, даводзілася па некалькі разоў падсаджваць іх. Цяпер, калі глядзіш на школьны парк і сад, нават цяжка сабе ўявіць, што тут некалі была лысая гара. Вялікая заслуга ў азеляненні школы належыць былому настаўніку біялогіі Міхаілу Сапуну.

   За гады існавання школы ў Азярычыне больш за тысячу выпускнікоў атрымалі пуцёўку ў жыццё. Цяжка пералічыць аб’екты народнай гаспадаркі, дзе працавалі і працуюць нашы былыя вучні.

 

Школа сёння

 

  1. Педагагічны калектыў школы складаюць 19 педагогаў. Значных поспехаў у сваёй рабоце дасягнулі настаўнікі з вышэйшай катэгорыяй –   Гладкая  Лідзія  Феафанаўна, Закрэўская  Алена  Сяргееўна, , Осіпчык Ірына Пятроўна, Марціновіч  Святлана  Міхайлаўна, Шабан Уладзімір Васільевіч Штодзённа школу  - сад наведваюць  вучні з  Вераб’ёўкі,Таварскіх, Кухараўкі, Ленінска, Узлян.  Школа працягвае жыць цікавым, сучасным жыццём. Перамены, што адбываюцца ў нашым грамадстве, закранулі і адукацыйныя ўстановы.           3 2004 года діцячы сад знаходзіцца ў памяшканні школы. З гэтага моманту школа мае назву “ Азярычынская  дзяржаўная  агульнаадукацыйная  дзіцячы  сад-базавая  школа”  .
  2. З 2011 года  --  Дзяржаўная  ўстанова  адукацыі  “Азярычынскі  навучальна-педагагічны  комплекс  дзіцячы  сад-сярэдняя   школа”.
  3. У 2013 годзе школа стала  называцца  Дзяржаўная  ўстанова  адукацыі  “Азярычынскі  навучальна-педагагічны  комплекс  дзіцячы  сад-базавая  школа”          Змянілася назва, алё не змянілася дзяцінства, не змяніліся дзеці, не змяніліся настаўнікі, якія, як і ў ранейшыя гады, любяць дзяцей, любяць сваю работу.         З 2013 года дырэктарам школы становіцца Бялевіч  Людміла  Леанідаўна Творчая жыццё нашай школы насычана выставамі, конкурсамі, мерапрыемствамі. У рамках адукацыйнага працэсу ідзе ўкараненне і рэалізацыя інавацыйных праектаў. Асаблівай павагі  дастойны ветэраны працы, якія з'яўляюцца ўзорам глыбокай вернасці свайму настаўніцкаму  прызванню.   У розныя гады ў школе працавала цэлая плеяда выдатных настаўнікаў, адданых сваёй справе. Сёння прыводзяць  вучыцца ў школу сваіх  ўнукаў  і праўнукаў настаўнікі мінулых гадоў.

          Гісторыя школы працягваецца. Наперадзе шмат планаў і творчых задумак, выдатных настаўнікаў, вучняў, выхаванцаў, якія сваімі талентамі і поспехамі ўпішуць новыя  радкі ў гісторыю роднай школы.

      _

Нашы традыцыі

 * Арганізацыя экскурсій па вывучэнні гісторыі і этнаграфічнай каштоўнасці роднага краю

* Вечар сустрэчы з выпускнікамі

* Удзел у Інтэрнэт-алімпіядах

 * Спартыўна-аздараўленчая работа па фарміраванні здаровага ладу жыцця

* Прадметныя тыдни

 Матэрыяльна-тэхнічная база школы ДУА

 «Азярычынская базавая школа Пухавіцкага раёна» размяшчаецца ў двухпавярховым будынку, разлічаным на 360 навучальных месцаў. У школе маецца 9 навучальных кабінетаў (фізікі і хіміі, матэматыкі, інфарматыкі, беларускай мовы і літаратуры, рускай мовы і літаратуры, біялогіі, геаграфіі, пачатковых класаў – 3 , працоўнага навучання, спартзала), а таксама бібліятэка, сталовая. Гардэроб – 2, абсталяваная спартыўная пляцоўка. У 4 ізаляваных пакоях знаходзіцца рознаўзроставая група дзіцячага сада. У школе знаходзіцца інтэграваная сельская бібліятэка.

Святочныя дні, арганізаваныя і праводзяцца ў школе:

 1 верасня-Дзень ведаў

Першы тыдзень верасня-Дзень беларускага пісьменства

Першы тыдзень кастрычніка – Дзень настаўніка

1 кастрычніка-Дзень пажылых людзей

14 кастрычніка-Дзень маці

7 лістапада-Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі

10 снежня-Дзень правоў чалавека

1 студзеня-Новы год

23 лютага-Дзень абаронцаў Айчыны

8 сакавіка-Міжнародны жаночы дзень

1 чэрвеня-Сусветны дзень абароны дзяцей

22 чэрвеня-Дзень памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны

3 ліпеня-Дзень незалежнасці Рэспублікі Беларусь

 

свернуть